СУДЗЕ́БНІК 1497,

зборнік законаў Рус. дзяржавы, накіраваны на ліквідацыю яе феад. раздробленасці і стварэнне агульнарус. права. Яго крыніцамі былі Руская праўда, Пскоўская судная грамата, звычаёвае права, граматы і велікакняжацкія ўказы, перапрацаваныя дастасоўна да сац.-эканам. змен. Зборнік устанавіў адзіную сістэму дзярж. суд. органаў, вызначыў іх кампетэнцыю і супадпарадкаванне, рэгламентаваў суд. пошліны. Ён пашырыў кола ўчынкаў, якія прызнаваліся крымінальнымі [напр., крамола, «царкоўная тацба» (святатацтва), паклёп], увёў новыя паняцці злачынстваў і асабліва небяспечных злачынстваў, вышуковую форму працэсу. У якасці меры пакарання прадугледжвалася смяротная кара, лупцаванне (біццё бізуном у людных месцах, на таргах). Абмяжоўвалася права сервітутаў, павялічваліся тэрміны іскавай даўнасці ў адносінах да велікакняжацкіх зямель. Парушэнне межавых знакаў на велікакняжацкіх, баярскіх і манастырскіх землях каралася лупцаваннем, за тыя ж учынкі на сялянскіх землях — грашовым штрафам. Судзебнік увёў плату пажылога (карыстанне сядзібай) пры адыходзе селяніна ад феадала, устанавіў адзіны для ўсёй дзяржавы тэрмін пераходу сялян ад аднаго ўладальніка да другога — Юр’еў дзень.

т. 15, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)